«Герой працы» (№ 62, 15 августа 2008 г.)

Адны праблемы рашаюцца, другія «растуць»

Дзень работы з насельніцтвам прайшоў на тэрыторыі Дабейскага сельсавета. Мінула восем месяцаў з часу папярэдняй сустрэчы.
Што рашылася за гэты час? Многае. Гэта і адзначана ў інфармацыйна-суправаджальным лісце. Некаторыя з пытанняў будуць вырашаны з дня на дзень. Як напрыклад, па добраўпарадкаванню прыпыначнага пункта ў Пісараве.
Тым не менш, пытанняў і на гэты раз было шмат. Хочацца спыніцца на найбольш вострых. Правільна ўзнялі жыхары пасёлка Прыазёрны праблему ўзнікнення самавольнай звалкі на месцы былога асфальтабетоннага завода. Сітуацыю будуць папраўляць дарожнікі. Справядліва абураліся жыхары вёскі Вялікія Ляжні на работу мясцовага комплекснага прыёмнага пункта, у які з мая не завозілі тавар. Да ўсяго, на КПП адсутнічае інфармацыя аб усіх паслугах, якія можа аказваць мабільная служба КБА. Яўная недапрацоўка...
Жыхары Амбросавіч — а сёлета вёска стане аграгарадком — падчас сустрэчы ўзнялі для мястэчка вострую праблему: дрэнная якасць пітной вады. Наогул у Амбросавічах частыя перабоі з вадой, на верхніх паверхах шматпавярховак яна — рэдкі госць.
Святло на праблему праліла старшыня раённага Савета дэпутатаў І.М.Новікава, якая вяла выніковую частку Дня работы з насельніцтвам у актавай зале Дабейскага сельскага Савета. Практычна вырашаны асноўныя пытанні па будаўніцтву ў Амбросавічах новай артэзіянскай свідравіны, паведала Ірына Мікалаеўна. Дапамагла абласная інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, выдаткавала немалыя грошы з экалагічнага фонду. Неўзабаве будаўніцтва пачнецца.
Заўвага па сутнасці ў адрас дарожнікаў прагучала ў вёсцы Рускія. У мінулы раз вяскоўцы вельмі прасілі паставіць павільён на аўтобусным прыпынку, каб можна было схавацца ад дажджу ці непагадзі. Дарожнікі пытанне быццам бы рашылі — павільён паставілі, але дзе? Схавалі ж «надзейна», што ні вадзіцель не бачыць, дзе ён, ні пасажыры не могуць у пару згледзець аўтобус. Амаль анекдот.
Ці ўзяць, напрыклад, Гародна. Нядаўна дарожнікі клалі асфальт у вёсцы. Паклалі толькі напалову. На пытанне: « Чаму вы так зрабілі? » цяпер і самі не могуць адка заць.
Як гаварылі на падагульняючым сходзе, такой пакутнай вёскі, як Данілава, мабыць, няма ва ўсім раёне. Абдзелены вяскоўцы: да іх не тое што прайсці, нават на трактары не праехаць. Сяльчанам трэба дапамагчы. Адной мясцовай гаспадарцы гэта не пад сілу.
Безумоўна, гэта далёка не ўсе, аб чым ішла размова ва ўсіх вёсках Дабейскага сельсавета. Праблемы абмеркаваны, раённым службам дадзены ўказанні па вырашэнню пытанняў. Як яны будуць вырашацца, газета абавязкова раскажа.

Алена КАРПУШЭНКА.